Муниципальное бюджетное учреждение культуры
«Красногорская  межпоселенческая центральная районная библиотека»

КРАСНОГОРСКАЯ
БИБЛИОТЕКА

Церахава Анастасія

МОВА…РОДНАЯ МОВА

Мова…Родная мова.

З табой я жыву. Ты з дзяцінства лашчыла мой слых калыханкамі бабулі і матулі. Са мной ты застаешся і ў сталым узросці. На табе я размаўляю, на табе спяваю, на табе выказваю думкі і пачуцці. Ты злятаеш з маіх вуснаў і вуснаў тых, хто побач, і чаруеш сваёй мілагучнасцю.

А вось ты хаваеш свае таямніцы за вокладкамі кніг. Але дастаткова працягнуць руку, адкрыць адну староначку, другую, прабегчыся вачыма па радках, - і ты, о, мая мова, ажываеш…

Праз друкаванае слова ты расказваеш пра таямніцы свету, раскрываеш старонкі гісторыі роднай краіны, дорыш сустрэчы з самымі рознымі героямі і асобамі далёкіх і блізкіх пакаленняў…

Мова…Родная мова.

Ты ўвасабляеш у сабе мудрасць пакаленняў, ты аб’ядноўваеш нас у адзінае грамадства, імя якому – беларускі народ.

І ставіцца да цябе трэба, як да святыні.

2022 год абвешчаны ў Беларусі Годам гістарычнай памяці.

Ты, мая родная мова, - найлепшы нацыянальны скарб, набыты на гістарычным шляху Беларусі. Цябе нам помніць, ведаць і любіць. На табе гаварыць. Гаварыць нам і ім, наступным пакаленням беларусаў.

Гэта – мая мара і мара сапраўдных сыноў і дачок Маці-Беларусі.

Мова… Родная мова.

“Адзёжай душы” назваў цябе Фрацішак Багушэвіч.

Няхай жа душа кожнага беларуса будзе апранута ў сваё “адзенне”.

 


Паплыка Ганна

ЦІ ПАТРЭБЕН ЧАЛАВЕКУ ЧАЛАВЕК?

Аднойчы ў мяне ў галаве засела думка - ці патрэбен чалавеку чалавек, ці можна пражыць сваё жыццё ў поўнай адзіноце, не адчуваючы пляча другога?

Гэыя пытанні доўгі час не пакідалі мяне і не выходзілі з галавы.

І вось я прыйшла да вываду: жыццё ў адзіноце губляе свой сэнс. Навошта думкі, калі імі нельга падзяліцца, навошта той поспех, калі ніхто не раздзеліць з табой тваю радасць? А хто прыйдзе на дапамогу, калі ў цябе бяда? І каму аддаць сваю любоў і пяшчоту, калі нікога няма побач?

Якое гэта шчасце, калі ты не ў адзіноце! Калі ёсць каму падарыць радасць душы, ці падтрымаць чалавека ў цяжкую хвіліну. Часам хапае толькі некалькі слоў, каб душа чалавека засвяцілася, і ўсё навокал зрабілася святлей, напоўнілася цеплынёй, спакоем і спагадай.

Помніце, як Данка вырваў з грудзей сваё сэрца, каб асвяціць людзям шлях у цемры? Гэта казка, але сэнс яе глыбокі і павучальны.

Канешне, побач з намі могуць аказацца і тыя, што прынясуць і боль, і страты, і перажыванні. Але з усяго можна вынесці ўрок.

І яшчэ. Няхай мне і мала гадоў, але я паспела ўпэўніцца, што толькі разам, толькі аб’яднаныя ў грамадства людзі здольныя пабудаваць суверэнную краіну, адстаяць яе незалежнасць і шчасліва жыць пад мірным небам. Упэўніцца ў гэтым можна, прасачыўшы гісторыю маёй краіны ці ацаніўшы сённяшнюю сітуацыю ў ёй.

Я жыву ў Беларусі. Я цікаўлюся гісторыяй сваёй Радзімы, яе культурнай спадчынай. У нас, беларусаў, шмат каштоўнасцяў і гістарычных падзей, якія нас аб’ядноўваюць.

Нашы продкі зрабілі ўсё, каб мы мелі такую Радзіму – сінявокую прыгожую незалежную Беларусь. Мы – яе дзеці. Давайце любіць сваю Айчыну-Маці, быць разам і рабіць усё дзеля яе спакою і развіцця.

 


МАТЧЫНА МОВА

Юлія Андрыянава

Мова мая матчына, - пяшчотная, ласкавая, любая, лагодная, шчырая…

А колькі яшчэ можна падабраць слоў да роднай мовы!

З самага маленства мы чуем яе ў песнях, калыханках, прымаўках і прыказкай.

Прачнуўся рана, сонейка ўстала – добрай раніцы. Кладешся спаць – тут табе маці і калыханку спяе, і пажадае салодкіх сноў. Бабуля гладзіць па далоньцы і кажа: “Добра будзе жыта жаці – далонька шырокая”, “Пятачкі доўгія – доўга жыць будзеш…”

Я жыву на ўсходзе Беларусі, дзе за некалькі кіламетраў знаходзіцца Расія.

Мова наша не вельмі зграбная, мы гаворым на “трасянцы”, але нам прасцей зразумець адзін аднаго, а калі пачуеш чыста беларускую мову, то гэта сапраўдная музыка.

Чытаем вершы на беларускай мове, і ў сэрца льецца асалода ад таго, што адчуваеш ад гэтай музыкі. Творы беларускіх пісьменнікаў на роднай мове ўспрымаюцца лепш, чым у перакладзе. А песні беларускія? Яны, як званочкі жаўранкаў, што льюцца з вышыні. Здаецца, слухаў бы і слухаў іх, а то і падпяеш: “Сінее край зубчаты бору, і тчэ, забыўшыся, рука заміж пярсіцкага узору цвяток радзімы васілька”. Перад вачамі паўстаюць родныя краявіды: лес, жытнёвае поле з васількамі, сонечны дзень, - усё блізкае, роднае сэрцу.

 Я ніколі не цураюся сваёй роднай мовы, ці то ў кампаніі, ці то сярод кампетэнтных людзей. Нас па мове, па дыялекту пазнаюць усюды: “Вы з Беларусі. Як там Бацька?”.

Хочацца, каб беларусы не цураліся роднай мовы, шанавалі і любілі яе. Пакуль жыве родная мова – будзе жыць Беларусь.

 


БЕЛАРУСКАЯ МОВА

                                                     Валянціна Марчанка

Прыгажосцю паўнютка
Тваё кожнае слова,
Паратунак адвечны –
Беларуская мова.

Цябе з чыстым абрусам
Параўнаю і хлебам,
Ты для чуйнага сэрца
Стала першай патрэбай.

Мяне з роднай зямлёю
Непарыўнаю ніткай
І “жыты” прывязалі,
І “ручнік”, і “намітка”.

Я цябе параўнаю
З чыстай роснай зарою,
Я цябе успяваю,
Бо люблю ўсёй душою.

Я з калыскі дзіцячай
Увабрала у сэрца
Спеў на мове матулі,
Счараваў ён навечна.

Ты - абраз, мая мова,
На які я малюся,
Гучным словам у вершах
На зямлі застануся.

 


НЕ ТРЭБА ДЗЯЛІЦЬ

                                         Валянціна Марчанка

Не трэба дзяліць
На сваіх і чужынцаў
Народ беларускі –
Хапіла нягод.
Мы з попелу ўскрэслі,
Бы фенікс, і птушкай
Узняўся высока
Наш вольны народ.

Люблю Беларусь,
Ганаруся краінай,
Зямлёй Ефрасінні,
Сваёю зямлёй,
Дзе чыстай расою
Звіняць яе песні,
І бусел на крылах
Прыносіць спакой.

Мы дзеці прыгожай
І вольнай краіны,
Яе адстаялі
У цяжкіх баях.
Зямля Беларусі
Мая дарагая,
Дзе песня, і хлеб,
Дзе і мова свая.

Свой шлях пракладае
Народ мой у свеце.
Мы спадчыну нашу
Атулім крылом.
І мы не дазволім,
І мы не дазволім
Зямлю Беларусі
Адправіць на злом!

Мы верым у сілу
Адзінства і праўды
І крочым мы разам
Плячо да пляча.
Народ беларускі
Свабоднай краіны
Высока трымае
Свой сцяг з кумача.

 


ТУТ ПАШЧАСЦІЛА МНЕ НАРАДЗІЦЦА

                                                                            Валянціна Марчанка

 Тут люляюцца зорачкі ў небе,
І плывуць туманы над ракой,
І палі пахнуць мёдам і хлебам,
Тут і шчасце маё і спакой. 

Тут бабуліны дзіўныя казкі,
І чырвоны ручнік на куце.
Тут хапае мне хлеба і ласкі,
Што у шчодрай бацькоўскай руцэ.

Тут сваіх землякоў сустракаю –
Працавітых, спавітых зямлёй,
І са шчырай любоўю да краю,
Да палёў, што паліты крывёй.

Тут зязюля вясною кувае,
І дзяўчаты сплятаюць вянкі.
Тут матулечка песні спявае,
Што ад продкаў ідуць праз вякі.

Тут звіняць срэбразвонна крыніцы,
І не моўкнуць ў гаях салаўі.
Тут пашчасціла мне нарадзіцца,
Гэта лепшы куточак зямлі.

 


 НАША ДРУЖБА НАВСЕГДА

                                                          Валентина Марченко

 

Любые беды – ненадолго,
А наша дружба – навсегда.
Не пересохнут Днепр и Волга,
Не постучится к нам беда.

Мы будем вместе, в это верим,
Живём и помним, кто мы есть.
Открыты для России двери,
Любой визит сочтём за честь.

Немало в жизни прошагали
И братству нашему верны,
Победу вместе добывали
Народов верные сыны.

Мы, белорусы, верим свято –
И корни, и судьба одна,
Народы дружбою богаты,
И эта дружба – навсегда.